УЛЬТРАКАРО́ТКІЯ ХВА́ЛІ (УКХ),

дыяпазон радыёхваль з даўжынямі ўмоўна ад 10 м да 1 мм (гл. Радыёчастоты). Характэрная асаблівасць — адсутнасць рэгулярнага люстранага адбіцця ад іанасферы, за выключэннем загарызонтнага распаўсюджвання за кошт рассейвання на іанізаваных метэорных слядах (метэорная радыёсувязь) ці пры наяўнасці спарадычных слаёў трапасферы (гл. Трапасферная радыёсувязь), здольных адбіваць УКХ. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, радыё- і тэлевізійнага вяшчання, радыёлакацыі, блізкіх радыёнавігацыі і радыёастранавігацыі, радыётэлекіраванні, пры вывучэнні атмасфер зорак, планет і туманнасцей (радыёастраномія), у медыцыне для вызначэння т-ры біял. аб’ектаў (радыётэрмаграфія), пры вывучэнні структуры і саставу рэчыва (радыёспектраметрыя) і інш.

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)